САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст. Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаў Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, соль прафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс. т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)